Беларуская Служба

Польскія святары ў зняволенні ў Беларусі

16.05.2024 10:58
Двое затрыманых беларускімі ўладамі польскіх манахаў-аблатаў знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам. Айцу Анджэю прысудзілі пятнаццаць сутак, а ксяндзу Паўлу — дзесяць.
         .
Польскія святары служаць у касцёле Маці Божай Фацімскай у Шуміліне. Ілюстрацыйны здымакhttps://katolik.life/

Пра гэта паведаміла Польская правінцыя аблатаў Марыі Беззаганнай, да якой належыць Місія ў Беларусі. На час арышту святары атрымалі перадачу.

«Мы застаёмся ў малітве і заахвочваем да малітвы ўсіх людзей добрай волі. Просім таксама аб малітве за парафіяльную супольнасць у Шуміліне, якая была пазбаўлена пастырскай апекі», — напісаў ксёндз Павел Гамулак, прэс-сакратар Польскай правінцыі місіянераў аблатаў Беззаганнай Марыі.

Місіянераў затрымалі ў Віцебскай дыяцэзіі. Айцы Анджэй Юхневіч OMI і Павел Лемех OMI служаць у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне. Падставай для арышту стала нібыта дыверсійная дзейнасць на шкоду беларускай дзяржаве.

Аблаты нагадваюць, што на пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ксёндз Андрэй, які з’яўляецца настаяцелем Аблацкай місіі ў Беларусі, публічна выказаў салідарнасць з украінскім народам, просячы аб малітве за хутчэйшае заканчэнне вайны.

ПР/юл